Адукацыйны працэс– выхаванне і навучанне, арганізаваныя ўстановай дашкольнай адукацыі ў мэтах асваення выхаванцамі зместу адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі.
Дашкольная адукацыя – узровень асноўнай адукацыі, накіраваны на рознабаковае развіццё асобы дзіцяці ранняга і дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбамі, фарміраванне ў яго маральных нормаў, набыццё ім сацыяльнага вопыту.
Дашкольны ўзрост – этап фізічнага, псіхічнага і сацыяльнага развіцця асобы дзіцяці ад трох гадоў да прыёму яго ва ўстанову адукацыі для атрымання агульнай сярэдняй або спецыяльнай адукацыі.
Мэтай дашкольнай адукацыі з'яўляецца рознабаковае развіццё і сацыялізацыя выхаванцаў ранняга і дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбамі.
Задачы дашкольнай адукацыі:
- ахова і ўмацаванне здароўя дзіцяці, фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця;
- фарміраванне ў выхаванцаў гуманнага стаўлення да сябе і навакольнага свету, гуманных узаемаадносін з навакольнымі;
- забеспячэнне рознабаковага развіцця асобы дзіцяці, а таксама стварэнне ўмоў для яго ранняй сацыялізацыі і самаразвіцця;
- далучэнне выхаванцаў да агульначалавечых каштоўнасцей;
- узаемадзеянне з сям'ёй з мэтай паўнавартаснага развіцця дзяцей і павышэння псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў;
- фарміраванне грамадзянскасці і нацыянальнай самасвядомасці, патрыятычных пачуццяў, маральнай, эстэтычнай і экалагічнай культуры;
- забеспячэнне пераемнасці паміж дашкольнай адукацыяй і першай ступенню агульнай сярэдняй адукацыі.
Удзельнікамі адукацыйнага працэсу з'яўляюцца выхаванцы, законныя прадстаўнікі выхаванцаў, педагагічныя работнікі.
Арганізацыя адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца цэлы год. Агульная працягласць канікул, у перыяд якіх заняткі з выхаванцамі не праводзяцца, складае 110 дзён: летнія – 90 каляндарных дзён; зімовыя – 10 каляндарных дзён; вясновыя – 10 каляндарных дзён. У перыяд канікул праводзіцца фізкультурна-аздараўленчая і мастацка-эстэтычная праца з выхаванцамі.
Адукацыйны працэс арганізуецца ў рэжыме 5-дзённага вучэбнага тыдня. Штодзённая колькасць заняткаў (гульняў) у кожнай узроставай групе і іх паслядоўнасць вызначаюцца вучэбным планам дашкольнай установы.
Адукацыйны працэс ажыццяўляецца на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь. Асноўная мова навучання і выхавання вызначаецца яго заснавальнікам з улікам пажаданняў законных прадстаўнікоў выхаванцаў.
Асноўнымі формамі арганізацыі адукацыйнага працэсу з'яўляюцца гульня, занятак. Акрамя асноўных формаў арганізацыі могуць выкарыстоўвацца іншыя формы: экскурсія, назіранне, дзяжурства і іншыя.
Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў групах першага ранняга ўзросту (да аднаго года) праводзяцца індывідуальныя гульні ў адпаведнасці з узроставымі і індывідуальнымі патрэбамі выхаванцаў.
Арганізацыя адукацыйнага працэсу ўключае аптымальнае чаргаванне відаў дзіцячай дзейнасці: спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцаў.
Спецыяльна арганізаваная дзейнасць выхаванцаў – гэта рэгламентаваныя тыпавым вучэбным планам дашкольнай адукацыі гульня, занятак, арганізаваныя з улікам заканамернасцей іх развіцця ў раннім і дашкольным узросце. У распарадку дня спецыяльна арганізаваная дзейнасць выступае ў якасці спадарожнай іншым відах дзейнасці.
Нерэгламентаваная дзейнасць выхаванцаў – гэта гульня і іншыя віды дзейнасці ў распарадку дня, якія арганізоўваюцца ці ўзнікаюць як з удзелам дарослага, так і пры яго ўскосным кіраўніцтве.